Сфінксы, трон і маска Тутанхамона ў Менску



Беларусь стала першым пунктам маршруту выставы „Скарбы Старажытнага Егіпта” ў Еўропе. Пра гэта паведаміла сёння на адкрыцці выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі куратар Алехандра Торэс.

З моманту зараджэння ідэі экспазіцыі „Скарбы Старажытнага Егіпта” да яе рэалізацыі прайшло амаль 10 гадоў, якія спатрэбіліся на атрыманне ўзгадненняў і дазволаў, расказала Алехандра Торэс.

У 2011 годзе выстаўка ўпершыню была адкрыта ў Чылі. Пасля працяглага туру па Бразіліі, Перу і іншых краінах Лацінскай Амерыкі экспазіцыя ўпершыню прыбыла ў Беларусь.

Для ўладальніка выстаўкі сімвалічна, што выязны маршрут пачынаецца ў Беларусі, паколькі яго продкі адсюль родам. Выстаўка была створана, каб паказаць самыя яркія фрагменты культуры Егіпта, пазнаёміць з яго гісторыяй.

Як адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Аляксандр Яцко, выстаўка „Скарбы Старажытнага Егіпта” – прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, і гэта ўжо трэці сумесны праект з кампаніяй „Берын Арт Менеджмент”. Гэты ўнікальны праект з’яўляецца яркай падзеяй культурнай палітры краіны, сказаў ён. Экспазіцыя размясцілася ў чатырох залах музея, знаёміць з багаццем і гісторыяй цывілізацыі, поўнай загадак і міфаў.

Сярод больш як 300 экспанатаў – пахавальная маска Тутанхамона, загадкавы Сфінкс, статуя бажаства Ку, муміі, ювелірныя ўпрыгажэнні, саркафагі, амулеты і папірусы, выкананыя ў адпаведнасці з тэхналогіямі таго часу, і многае іншае.

Выстаўка падзелена на шэсць тэматычных зон. Праходзячы па залах, наведвальнікі даведаюцца аб штодзённым жыцці старажытных егіпцян, убачаць, як вялася сельская гаспадарка, атрымаюць уяўленне аб ваенных тэхналогіях і караблебудаванні, пазнаёмяцца з дынастыямі кіраўнікоў, а таксама раскрыюць сакрэты культу замагільнага жыцця. Выстаўка будзе працаваць па 10 снежня.

belta.by