Шагал і Малевіч на плошчы Перамогі
На плошчы Перамогі ў Віцебску з’явілся рэклама музейных установаў, якія асвятляюць дзейнасць сусветна вядомых мастакоў – Марка Шагала, Казіміра Малевіча і іншых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва пачатку 20-га стагоддзя.
Дзейнасць гэтых творцаў была звязана з Віцебскай народнай мастацкай вучэльняй, адчыненай у 1919-м годзе. Сёлета ў Віцебску шырока адзначаецца 100-гадовы юбілей установы, дзе дырэктарам быў Марк Шагал, а ў склад выкладчыкаў уваходзілі Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі ды іншыя знакамітыя мастакі. Гэтай падзеі былі прысвечаны разнастайныя выставы, і нават Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт займеў арыгінальны выгляд – яго сцены расфарбавалі “пад Малевіча”.
Рэкламная кампазіцыя з некалькіх паралелепіпедаў, размешчаная на плошчы Перамогі, таксама нагадвае пра гісторыю Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, у будынку якой цяпер месціццца музей. І запрашае наведаць арт-цэнтр і Дом-музей Марка Шагала – самыя папулярныя турыстычныя аб’екты Віцебска.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск