Шакуючы перформанс пад дажджом



14 ліпеня ў Віцебску ў дворыку побач з дамком Шагала адбывалася дзіўнае дзеянне: два чалавекі пад дажджом насілі вёдрамі зямлю.

Пляскалі туды-сюды пад дажджом з цяжкімі вёдрамі мужчына ў вянку з чартапалоху і жанчына ў белай сукенцы. Ён носіць зямлю справа налева, а яна злева направа, а горы зямлі не змяншаюцца і не павялічваюцца.

Спыняюцца мінакі, пытаюцца: што гэта? кіно здымаюць? што тут адбываецца?

 

А адбываецца перформанс. Адзін з тых відаў сучаснага мастацтва, які бударажыць сваёй неадназначнасьцю, шакіруе, здзіўляе, раздражняе.

Мастацтва – гэта ж карціны ў галерэях, статуі на плошчах, акцёры на ўтульных сцэнах? Ці не толькі?

Мастакі Таня Тур і Алесь Пушкін, дзеюць у гразі чараўніцтва. Глядзіш на іх ды адчуваеш здзіўленне, трывогу, разгубленасць.  і раптам – азарэнне: бо гэта ж я! Гэта я дзень за днём хаджу на працу і б’юся там, як рыба аб лёд, а нічога не змяняецца. 

Ці не, зусім не, гэта не безвыходнасць, гэта гармонія! Людзі будуюць атамныя электрастанцыі, зліваюць у мора і рэкі таксічныя адкіды, вырабляюць горы смецця,  наша планета жывая, яна працягвае заставацца такой, як мільёны гадоў таму. Ёй справы няма да нашых мурашыных намаганняў – цяганнем вёдраў з зямлёй. 

Мастакі кладуць вёдры на зямлю і на некалькі секунд заміраюць. Перформанс скончаны. Хочацца спытаць іх: а што вы мелі на ўвазе? Што вы хацелі гэтым сказаць? Але гэта толькі на секунду, бо робіцца ясна, што кожны глядач перажывае свой перформанс, свой катарсіс. Хтосьці з гледачоў стаяць і  сумуе, хтосьці здымае на тэлефон, хтосьці усміхаецца, а адзін нават разгневаўся і абклаў мастакоў матам за тое, што яны дарма марнуюць свае сілы на глупства – нешта яго асабіста закранула. І гэта выдатна. Гэта значыць, што мастакам ўсё атрымалася.

Беларускае Радыё Рацыя