Шчыт Стэфана Баторага знаходзіўся на Слонімшчыне



Французскі тыднёвік “L’Illustration” (“Ілюстрацыя”) 2 жніўня 1862 года пазнаёміў сваіх чытачоў з маёнткам Слізеняў у Дзявяткавічах былога Слонімскага павета.

Тыднёвік апублікаваў на сваіх старонках фотаздымак гравюры палаца Слізеняў у Дзявяткавічах. Гэту гравюру зрабілі два французскіх мастакі і брытанскі – Адольф Жан Бэст, Іяхім Жан Касон і Джозэф Берн-Смітон у Парыжы ў творчай майстэрні “Best. Cosson. Smeeton”. Назоў гравюры быў падпісаны так: “CHATEAU DU COMTE DE SLIZIEN, AUX ENVIRONS DE SLONIM (LITHUANIE)” (Палац графа Слізеня ў ваколіцах Слоніма (Літва)”. Гэтую гравюру ў французскім тыднёвіку адшукаў Мікалай Міцюшын, які шмат гадоў даследуе гісторыю сваёй роднай вёскі на Слонімшчыне.

Пад здымкам гравюры палаца Слізеняў быў апублікаваны і невялікі тэкст. У ім паведамляецца тое, што “род Слізеняў з’яўляецца адным з самых старых арыстакратычных”. А выдатная сядзіба ў Дзявяткавічах была іх рэзідэнцыяй на працягу некалькіх стагоддзяў. У іх палацы ў Дзявяткавічах знаходзіліся калекцыі рэдкіх кніг, рукапісаў, карцін і іншых прадметаў мастацтва. Акрамя гэтага ў палацы Слізеняў, як пісалася ў тэксце, захоўваліся старыя рэчы – “шлем Карла адважнага і шчыт Стэфана Баторага”… Куды гэтыя скарбы зніклі – сёння толькі можна здагадвацца.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя