Школьнікі змогуць вывучаць творчасць Багдановіча з дапамогай камп’ютарнай гульні
Школьнікі змогуць вывучаць творчасць Максіма Багдановіча з дапамогай камп’ютарнай гульні „Дом з таямніцамі”, створанай па міжнародным праекце „Віртуальнае мінулае – гарант поспеху будучыні музеяў” праграмы транспамежнага супрацоўніцтва „Літва-Латвія-Беларусь”.
Пра гэта паведаміла каардынатарка праекта з беларускага боку, супрацоўніца Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Святлана Рапецкая.
У аснове гульні – матэрыялы гарадзенскага Дома-музея Максіма Багдановіча, біяграфічныя звесткі і творчасць паэта. У гульнявой форме школьнікі атрымліваюць інфармацыю пра дзяцінства і гарадзенскі перыяд жыцця паэта, яго асяроддзе. Гульня складаецца з некалькіх узроўняў і ўяўляе сабой падарожжа па мемарыяльных пакоях музея. У гульні шмат загадак, гучыць чыстая беларуская гаворка, на апошнім узроўні гулец павінен сабраць разам сям’ю паэта. Гульня разлічана на школьнікаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і паэзіяй.
Беларускае Радыё Рацыя