Школьны лексікон мінулага



У музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку да 26 лістапада будзе працаваць выстава “Пра вакацыі і не толькі. Школьны лексікон мінулага”.

Лексічны склад — самая няўстойлівая, зменлівая частка любой нацыянальнай мовы. Адны словы цалкам адыходзяць у нябыт, другія набываюць новае значэнне, іншыя ўзнікаюць адначасова з новымі паняццямі, з’явамі і рэаліямі. Значную групу ў лексіцы сучаснай беларускай мовы складаюць словы ўстарэлай семантыкі (архаізмы і гістарызмы).

У цяперашні час некаторыя варыянты ўстарэлых лексем зафіксаваны ў слоўніках і граматыках, а некаторыя існуюць толькі як з’явы жывой мовы, выкарыстоўваюцца ў гутарковым маўленні, у навуковай літаратуры. Чытачам архаізмы і гістарызмы часцей за ўсё вядомы па творах мастацкай літаратуры.

На выставе прадстаўлены выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Яна Баршчэўскага і іншых аўтараў, у якіх ужыты ўстарэлыя лексемы «дарэктар», «лемантар», «атрамант», «вакацыі». Экспазіцыю дапаўняюць чарніліцы розных часоў, а таксама іншыя прадметы, звязаныя са школьнай тэматыкай.

Беларускае Радыё Рацыя