Шляхі і думкі Францішка Багушэвіча
У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілеўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай!”, прысвечаная 180-годдзю з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.
Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццёвы шлях класіка і пра яго творчасць, якая ўпэўнена паклалася ў падмуркі нашай нацыянальнай літаратуры. Нашчадак шляхецкага роду, паспяховы дзяржаўны служачы, узнагароджаны ордэнамі святой Ганны і святога Станіслава, Францішак Багушэвіч бачыў сэнс свайго жыцця ў абароне правоў простага сялянскага люду, а праз свае творы імкнуўся данесці народу думкі пра долю, волю і гонар быць беларусам.
Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з кніжнай выставай, якую ўпрыгожыла рэпрынтнае выданне легендарнай „Дудкі беларускай”. Вершы Багушэвіча прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавалевай, Данііла Зайцава і Андрэя Шыпіцына.
Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў распавёў пра ўдзел Ф.Багушэвіча ў паўстанні Кастуся Каліноўскага і вымушанай эміграцыі ва Украіну, аб вяртанні ў Беларусь і родныя Кушляны, дзе вельмі лёгка пісалася, але, на жаль, смяротная хвароба не дала яму здзейсніць усё задуманае.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя з вялікай цікавасцю паглядзелі дакументальны фільм „Таямніца Францішка Багушэвіча” (аўтар Алесь Краўцэвіч).
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён
Фота Міколы Яцкова