Шосты нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”
Выйшаў з друку свежы нумар электроннага бюлетэня “Слонімскі край”, які выдаюць Васіль Герасімчык, Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.
У свежым нумары чытачы знойдуць шмат новых і цікавых артыкулаў. Найперш, гэта матэрыялы пра слонімскую царкву святой Тройцы 1917 года (цяпер Свята-Троіцкі сабор), пра слонімскіх фальшываманетчыкаў 1930-х гадоў, пра гісторыю храма канонікаў-латэран, пра сустрэчу савецкіх партызан і польскага падполля ў 1943 года на Слонімшчыне, пра нямецкага генерала Гудэрыяна, які двойчы мог загінуць на Слонімшчыне.
У нумары знайшлося месца для інфармацый пра новыя кнігі Аляксандра Місцюкевіча “Падарожжы па родных мясцінах. Піронім, Львоўшчына, Ісаевічы, Дзераўная” (Гродна, 2016) і Сяргея Чыгрына “На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне” (Мінск, “Кнігазбор”, 2016). А таксама рэцэнзія на першую кнігу пра Слонім на беларускай мове – “Помнікі Слоніма” Валянціны Караткевіч і Анатоля Кулагіна (Мінск, 1983). Міхась Варанец даслаў свае “Заўвагі да кнігі “Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны. 1916-2016”, адказ на якія пад назвай “Больш дасканалая кніга яшчэ будзе” змясцілі С.Ёрш і С. Чыгрын. Надрукавана ў “Слонімскім краі” і шэраг іншых новых і цікавых гісторыка-краязнаўчых артыкулаў. Цалкам бюлетэнь можна прачытаць тут.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя