“Шпакоўнік”: беларускі канцэрт-кватэрнік у Кіеве



У Кіеве прайшоў канцэрт-кватэрнік “Шпакоўнік”, на якім выступілі вядомыя беларускія артысты: музычны гурт “Naka”, спявачка Кэці і акцёр Дзяніс Дудзінскі.

“Гэтая імпрэза – не толькі культурная падзея, але і сацыяльная”, – зазначае вакалістка каманды “Naka” Анастасія Шпакоўская:

– Гэта магчымасць паміж беларусамі пагутарыць, абмеркаваць нейкія важныя тэмы. А канцэрт і музыка – гэта ўжо дадатак. Таму гэта ўсё роўна нейкае прыватнае мерапрыемства, куды так проста не прыйдзеш. Абавязкова папярэдні запіс. Мы хочам збіраць менавіта тых беларусаў, якія адгукнуцца і на нашу музычную тэму, і якія ўвогуле адчуваюць у сабе патрэбу ў такім цёплым хатнім выступе і размове.

Плануецца, што такія кватэрнікі будуць ладзіцца штомесяц. Жадаючыя патрапіць на імпрэзу могуць знайсці тэлеграм-канал “Шпакоўнік”, далучыцца да яго і атрымліваць там актуальную інфармацыю пра падзею.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com