„Шпацыр па памяці” у Гародні
У Гародні з 1-га па 3-га красавіка праходзіць трэнінг „Шпацыр па памяці”, які вучыць ствараць відэаінфармацыю пра цікавыя гістарычныя аб’екты роднай мясцовасці. Многія аб’екты нашай гістарычнай памяці патрабуюць усебаковага аналізу.
Пра акалічнасьці гэтага трэнінгу кажа прадстаўніца архіву вуснай гісторыі Тацяна Касатая:
– Амаль ва ўсіх заходне-еўрапейскіх краінах, а таксама ў ЗША праходзілі такія шпацыры. А зараз ужо паўгода ў Беларусі здымаліся відэаролікі ў Менску, Берасці. У Гародні гэты праект першы раз ладзіцца, і асноўнай мэтавай аўдыторыяй з’яўляецца ў першую чаргу моладзь. Хоць могуць удзельнічаць і людзі маладыя душой, якія актыўныя ў публічнай прасторы, тыя, каму хочацца паўдзельнічаць у такіх трэнінгах.
Трэніг „Шпацыр па памяці” – гэта міжнародны праект, які ладзіцца цягам некалькіх год. У наступныя дні ўдзельнікі атрымаюць практычныя веды, а таксама атрымаюць магчымасьць ацаніць стужкі, створаныя праграмай „Шпацыр па памяці” ў нашай краіне і замежжы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня