Што было і знікла з палаца Слізеняў у Новых Дзявяткавічах
На гэтых рэдкіх старых малюнках адлюстраваны палац Слізеняў у вёсцы Новыя Дзявяткавічы Слонімскага павета ў 1862-м і 1930-х гадах. Ён быў унікальны.
На першым і другім паверхах ад вежы ішоў доўгі калідор, паабапал якога знаходзіліся кухня, пякарня, службовыя пакоі, банкетная зала, а таксама асабісты кабінет Альфрэда Слізеня. Побач размяшчаліся салоны з мармуровымі камінамі. Недалёка стаялі канапы, шмат антычных скульптур, вісела вялікая карціна Сухадольскага „Растрывожаныя коні перад навальніцай”. Побач была сталовая з вялікім люстэркам, адна сцяна межавала з зімнім садам. Пасярод сталовай стаяў вялікі стол з крэсламі. У глыбіні сталовай знаходзілася фартэпіяна фірмы Бехстайна. Была і танцавальная зала, якая займала вышыню двух паверхаў. А таксама галерэя для аркестра і музей старой зброі. Да ўсяго гэтага яшчэ Слізені ў палацы мелі архіў, бібліятэку і більярдную залу. У музеі старой зброі захоўваліся рыцарскія даспехі, кірасы, мячы, коп’і, шаблі і шмат іншай зброі.
У архіве зберагалася вялікая колькасць каштоўных папер. Напрыклад, там захоўваўся каралеўскі прывілей Жыгімонта III Вазы ад 1589 года, які даваў права братам Івану і Абраму Мялешкам з Дзявяткавіч на будаўніцтва дарогі праз Грыўду. Былі там розныя тэстаменты, акты, сямейныя карэспандэнцыі і г.д. Усе матэрыялы зберагаліся ў вялікіх шкляных і драўляных шафах.
Бібліятэка Слізеняў мела вялікі збор старых кніг. Кнігі збіраліся на працягу чатырох стагоддзяў. Іх налічвалася каля 5 тысяч. Былі там і Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская Біблія, творы Цэзара І Элерта, выданні езуітаў і іншыя…
Каштоўнасці з палаца Слізеняў пачалі знікаць падчас Першай сусветнай вайны, іх вывезлі на ўсход і назад не вярнулі. Потым палац рабавалі бальшавікі, а ў гады Другой сусветнай вайны яго спалілі партызаны.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя Малюнкі з архіва аўтара