Што на “Славянскім базары” цікавей за канцэрты



Афіцыйнае адкрыццё 28-га фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбылося ўвечары 11-га ліпеня. Але горад ужо некалькі дзён жыве ў асаблівай атмасферы, ператварыўшыся ў сапраўдны кірмаш, дзе і гандлююць, і весяляцца.

Далёка не ўсе цікавяцца канцэртамі, якія праходзяць па вечарох у летнім амфітэатры. Многіх віцяблян і гасцей вабяць іншыя, бясплатныя праекты – фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, выступы самадзейных артыстаў, нацыянальныя стравы, якія можна пакаштаваць у вулічных кавярнях, і гэтак далей. Канцэрты зорак расейскай эстрады – гэта састарэлы фармат, – лічыць жыхарка Віцебску:

– Шчыра сказаць, расейская эстрада мяне не цікавіць. Тым болей, тыя, хто сюды прыязджае, – гэта нешта старое, даўно вядомае. “Дзе ж вашыя ручкі, а дзе вашы ножкі, давайце патопаем, давайце пахлопаем”. Зараз хочацца свята і атмасферы свята. Арганізатары адчулі гэтую хвалю, і імкнуцца гэтую святочную атмасферу людзям даць.

На сёлетнім “Славянскім базары” можна паглядзець тэатральныя пастаноўкі, паслухаць класічную музыку, наведаць новыя экспазіцыі ў музеях. Можна наведаць і абсалютна бясплатныя імпрэзы – прыкладам, фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, танцавальныя пляцоўкі, вернісаж, дзе прадаюцца творы мастакоў, або “Горад майстроў” ці “Задзвінскі кірмаш”, дзе сваімі вырабамі гандлююць рамеснікі. Прычым асаблівае захапленне выклікаюць вырабы ў народных традыцыях.

– Прадаюцца вышыванкі, сумкі з нашымі сімваламі беларускімі. Рукавічкі яшчэ прадаюцца з нашымі сімваламі, дзве сястры іх вяжуць і прадаюць. Як абярэгі, рукавічкі іхныя. Вось гэта заслугоўвае ўвагі. Варта нават проста паглядзець, калі нічога і не набываць.

– Мяне цікавіць кераміка, і вось там жанчына адна майстар-клас дае па керамічных вырабах. Вельмі так змястоўна. І адразу ж свае маленькія вырабы аддае на сувеніры, гэта вельмі прыемна і ўражвае.

У бліжэйшыя фестывальныя дні адбудзецца конкурс маладых выканаўцаў з 16-ці краін, Беларусь на ім прадставіць 19-гадовы Іван Зданюк. Фестываль у Віцебску мае завяршыцца 15-га ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя