Што насілі нашы продкі, каб “не апраставалосіцца”?



У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці экспануецца выстава традыцыйных галаўных убораў Віцебскага Падзвіння, Падняпроўя і Паазер’я. У экспазіцыі прадстаўлены наміткі, хусткі, саламяныя капелюшы і картузы, зробленыя народнымі майстрамі па даўніх узорах. Нашы продкі надавалі гэтаму элементу адзення выключную ўвагу, кажа кандыдатка мастацтвазнаўства Людміла Вакар, вядучая метадыстка цэнтра па народным сцэнічным касцюме:

– Галаўны ўбор – гэта вельмі важны элемент у адзенні, хоць і самы апошні. Калі мы апранаемся і выходзім на вуліцу, то галаву апранаем у самы апошні момант, але ў вельмі важны элемент у любым касцюме. Бо без яго ў традыцыйнай культуры ўвогуле забаранялася выходзіць на людзі. Казалі “апраставалосіўся” пра таго, хто выходзіў на вуліцу без галаўнога ўбору, а таксама пра таго, хто трапіў у няёмкае становішча. Гэтае выслоўе сведчыць пра значнасць і традыцыйнасць галаўнога ўбору.

У розных рэгіёнах Віцебшчыны маюць сваю спецыфіку і спосаб завязвання наміткі, і манера насіць саламяны капялюш. А вясельны галаўны ўбор віцебскай дзяўчыны і ўвогуле называўся “каруна”, прычым насілі яго цягам усяго першага года замужжа. Падобнага звычаю няма больш нідзе ў Беларусі, як і падобнага элемента адзення. Наведнікі выставы змогуць убачыць і каруны, і іншыя незвычайныя галаўныя ўборы нашых продкаў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі