Што пакінуў пасля сябе Генадзь Бураўкін?
8 ліпеня – 40 дзён, як пайшоў з жыцця Генадзь Бураўкін. Аб спадчыне, якую пакінуў нашчадкам Генадзь Мікалаевіч, распавядае беларускі пісьменьнік і мовазнавец Алесь Пашкевіч.
Алесь Пашкевіч: Прайшло 40 дзён, але Генадзь Мікалаевіч побач з намі. Хоць мы і ведалі, шіто хвароба яго моцна знішчала, але гэты чалавек для ўсіх нас (і для Саюза беларускіх пісьменнікаў, і для маладзейшых літаратараў) быў своеасаблівым літаратурным хросным бацькам. Мала застаецца такіх людзей – не толькі па-грамадзянску мужных, але і па-літаратурнаму сямейных. Людзей, якія не толькі дбаюць пра ўласную публікацыю, уласны дзень, але і наогул пра ўсю нашу кльтурніцка-літаратурную сям’ю. Ён заўсёды цікавіўся пісьменніцкімі клопатамі, жыццём сваіх маладзейшых калег. І непадробна быў зацікаўлены, каб гэтае жыццё было святлейшае і лепшае. Генадзь Мікалаевіч любіў кампаніі, не прапускаў амаль ніводнай Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў… Хоць праз 40 дзён душа Генадзя Бураўкіна збіраецца ў нябёсы, але фізічна яго сёння не стае. Не хапае яго парады, учынкаў, прысутнасці. Сёння мы наведаем магілу Генадзя Мікалаевіча, ускладзём кветкі.
РР: Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў… Усе яны пакінулі пасля сябе вельмі багатую спадчыну.
Алесь Пашкевіч: Трэба дзякаваць Богу, што гэтыя людзі адбыліся і здзейсніліся. Тое, што яны напісалі і прыдумалі, – усё засталося тут. І гэта – назаўсёды.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikimedia.org