Штогадоваму шоу „Калядны фэст” спаўняецца 10 гадоў
У юбілейным канцэрце возьмуць удзел гурты „Стары Ольса”, Gods Tower, „Палац”, „Адарвірог”, „Яварына”, Pawa і Trollwald.
За час свайго існавання мерапрыемства стала чаканай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі, якая, у сваю чаргу, была і застаецца візітнай карткай нашай музычнай культуры.
“Калядны фэст” — мерапрыемства з асаблівай святочнай атмасферай, якое злучае гісторыю і сучаснасць. Гэта вяртанне традыцый аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў.
Першы “Калядны Фэст” адбыўся ў 2007 годзе ў клубе “Стэп”. Адметна, што і сваё 10-годдзе ён адсвяткуе на тым самым месцы, але ўжо ў клубе Re:public (вул. Прытыцкага, 62,).
“Наш фэст з’яўляецца спробай беларускіх музыкаў паказаць сувязь сучаснасці з мінулым, — распавялі арганізатары мерапрыемства. — Канцэптуальна юбілейны фестываль не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі. Але ўпершыню за 10 гадоў выступіць адзін з лепшых фолк-метал-гуртоў GODS TOWER. Вядоўцам фэсту будзе вядомы музыка і дудар Зміцер Сасноўскі. І, вядома, будуць танцы, конкурсы, святочныя падарункі і шмат іншых цікавостак!”
Юбілейны “Калядны фэст” пройдзе 25 снежня ў клубе Re:Public.
Пачатак — 17:30,
Кошт квіткоў — 15-25 руб. (танцпол), 30 руб (месца за столікам).
Інфалінія: 29 8517706, 44 5517706.
Беларускае Радыё Рацыя