Шыльда з памылкай на доме-музеі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках



Не так даўно ўлады Шчучынскага раёна замянілі шыльду на доме-музеі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках. Пры гэтым новая шыльда аформленая незразумела на якой мове. Ці то па-расейску, ці то па-беларуску – «СектОр культуры Шчучынскага райвыканкама».

Яшчэ мінулым летам над уваходам у дом, дзе нарадзіўся і жыў да 19 гадоў сусветнавядомы музыкант, вісела шыльда з надпісам «Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама». Аднак мясцовыя ўлады чамусьці вырашылі яе замяніць з «аддзела» на «сектОр». Кіруе культурай на Шчучыншчыне – Таццяна Цюсіна.

Дом-музей Чэслава Немэна знаходзіцца ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. Тут нарадзіўся ў 1939 годзе і жыў з бацькамі да 1958 года Чэслаў Выдрыцкі, якія пазней стаў сусветна вядомым пад псеўданімам Чэслаў Немэн.

Размовы аб стварэнні музея ў Старых Васілішках пачаліся адразу пасля смерці Немэна ў 2004 годзе. Да ідэі стварэння музея памяці музыканта ў 2009 годзе спрычыніўся дэпутат Сейма Роберт Тышкевіч. І дзякуючы намаганням Польска-беларускай кансультацыйнай камісіі пры Сейме і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы 20 лютага 2011 года дом-музей адчыніў свае дзьверы для турыстаў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя