„Сімфонія габрэйскіх лёсаў Берасцейшчыны”



Некалькі дзясяткаў аповядаў пра выбітных жыхароў берасцейскай зямлі знайшлі сваё месца ў новай кнізе „Сімфонія габрэйскіх лёсаў Берасцейшчыны”. Выданне серыі „Фамільнае дрэва Берасця” пачаў рэдактар газеты „Брэсцкі кур’ер” Мікалай Аляксандраў:

– У гэту кнігу ўвайшло больш за 40 асоб, чый лёс звязаны з Берасцем. У розныя гады, у розныя эпохі – гэта ўключае ў сябе два стагоддзі гісторыі горада Берасця, які па-рознаму называўся ў розныя часы. І адно з імёнаў Берасця, якое як бы на другім плане гісторыі – горад Брыск, усё ж такі горад быў габрэйскім больш чым на палову на працягу многіх дзясяцігоддзяў.

Як распавёў Мікалай Аляксандраў, матэрыял для кнігі ён збіраў больш за пяць год. Выдаўцом „Сімфоніі габрэйскіх лёсаў Берасцейшчыны” выступіў Залман Давідовіч Гільман. Кніга ўжо мае сваіх чытачоў у Ізраілі, Англіі і Злучаных Штатах Амерыкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце