“Сімвал веры” ад Валянціна Дубатоўкі
У Менску свет пабачыла новая кніга прозы кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі “Сімвал веры”.
У новую кнігу гарадзенскага аўтара ўвайшлі дзесяць апавяданняў і аповесць. Прадмову да кнігі Валянціна Дубатоўкі напісаў пратаіерэй Георгій Рой. Ён адзначыў, што “новая кніга аўтара без сумніву, глыбока псіхалагічная і ў нечым нават правакацыйная. Самае яскравае і самае цікавае тут – процістаянне веры, замаскіраванае нявер’е, дзе сумленне становіцца разменнай манетай перад цынічным і ганебным абліччам здрады”.
Сапраўды, аўтар кнігі “Сімвал веры” удала паказаў адну з ісцін чалавецтва: мы можам па-рознаму глядзець на тыя ці іншыя падзеі нашага жыцця і ўспрымаць іх. Але вера і сумленне, як голас Божы ў душы чалавечай, заўсёды павінны вызначыць тую апошнюю мяжу, за якой асоба страчвае сваё чалавечае аблічча, свой вобраз і падабенства на Нябеснага Айца.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя