Сімвалізм знакамітага Круглага стала на выставе Паўла Грэся
Знакаміты польскі Круглы стол паходзіў з Падляшша. Шлях ад дрэва ў Белавежскай пушчы да стала, за якім вырашаўся лёс Польшчы ў 1989 годзе, адсачыў фотамастак з Гарадка Павел Грэсь.
У познаньскай Галерэі фатаграфіі pf адкрылася выстава пад назвай “Круглы стол”, складзеная амаль з 90 фатаздымкаў, у тым ліку з тартака ў Гайнаўцы, дзе паўставалі дошкі для стала, і з прэзідэнцкага палаца ў Варшаве, дзе Круглы стол надалей стаіць. Адкуль такая ідэя для працы, расказвае аўтар:
– Ідэя паўстала ў той момант, калі я даведаўся ад сяброў, што гэты стол зроблены з дрэва з Белавежскай пушчы, нават не ведаў яшчэ што з дуба. І тады паўстала ідэя заняцца гэтай тэмай у межах фатаграфічнага праекту. Пачаў думаць, як гэта можна зрабіць, пачытаў, што было даступнае, але зашмат матэрыялаў не знайшоў. І гэта было нават добра, бо я мог прааналізаваць гэты прадмет, не кіруючыся нейкімі стандартнымі схемамі думак.
Павел Грэсь кажа, што яго захапіў сімвалізм, закладзены ў круглым стале:
– Гісторыя простая. Стол выйшаў з пушчы, выйшаў ад простых, сімвалічных элементаў, якія ў мяне адразу з’явіліся ў галаве, а менавіта ад круга. Круг – гэта Месца моцы (Miejsca mocy) у пушчы, якое ёсць і з беларускага боку, і з польскага. Гэта камяні, укладзеныя ў круг, пасярэдзіне якога знаходзіцца яшчэ адзін вялікі камень, на якім людзі пакідаюць манеты з розных краін свету, таксама круглыя. Вельмі цікава, што гэты матыў круглых рэчаў, круглых прадметаў прасочваецца ад пачатку і да самага канца. І ў гэтым для мяне ёсць энергія, па якой кожны чалавек сумуе. У сучасным свеце мала месцаў, дзе можам знайсці такую першасную энергію, а ў пушчы такое месца ёсць, ёсць магія такіх месцаў. І гэтыя месцы прыцягваюць людзей, мы шукаем праўды, вяртаемся да натуры. Магія такіх рэчаў, закрытых у круг, дае даданую вартасць, што пры такім менавіта стале маглі адбыцца размовы, на якія раней ніхто не спадзяваўся.
Выставу пад назвай “Круглы стол” можна наведаць у Познані да 25-га сакавіка. Павел Грэсь не выключае, што гэтую выставу зможам пабачыць таксама на Беласточчыне.
“Круглы Стол” – гэта перамовы паміж уладамі Польскай Народнай Рэспублікі і апазіцыйным прафсаюзам “Салідарнасць”, якія праходзілі ў 1989 годзе. Дамоўленасці Круглага стала ў выніку прывялі да глыбокіх палітычых і эканамічных зменаў у краіне, да паўстання Трэцяй Рэчы Паспалітай. Назва перамоваў паходзіць ад самога прадмета – вялікага круглага стала, за якім і праходзілі перамовы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
[Not a valid template]
Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя
Фота: Павел Грэсь