“Скарбы Радзімы” ад Уладзіміра Ягоўдзіка



Дзесяць гадоў таму пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік заснаваў унікальную серыю “Скарбы Радзімы”, у якой ён выдае прыгожыя каляровыя кніжкі на роднай мове для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гэтыя кнігі аўтар прысвячае помнікам прыроды, птушкам і звярам беларускіх лясоў, рэкам, азёрам, лясам і гарадам нашай Бацькаўшчыны.

Кніжкі Уладзіміра Ягоўдзіка са “Скарбаў Радзімы” ўжо набылі многія школы, садкі і бібліятэкі Беларусі.

Нядаўна ў гэтай серыі зноў з’явіліся дзве прыгожыя кніжкі “Крылатыя суседзі” і “Зачараваная Свіслач”. Першая з іх прысвечана зімародку, пішчусе, попаўзеню,сойцы, вераб’ям, сінічкам. Сёння, напрыклад, паркі і скверы Менска насяляюць больш за 100 відаў птушак. Большасць з іх адлятае ў вырай, аднак многія застаюцца. Пра ўсё самае цікавае з жыцця птушак прачытаюць чытачы ў кнізе “Крылатыя госці”.

Кніжка “Зачараваная Свіслач” прысвечана Свіслачы, выток якой знаходзіцца на Менскім узвышшы, а даўжыня рэчкі ажно 335 кіламетраў. Аўтар распавядае пра многія падзеі, звязаныя з гэтай рэчкай, пра веснавыя паводкі і падзеі на яе берагах.

Кніжкі вельмі прыгожа аформлены, на іх старонках шмат каляровых здымкаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя