„Скарына-вечарына” прайшла ў Глыбокім



Яна ладзілася ў Парафіяльным доме каталікоў – у былым будынку глыбоцкага суда.

Напачатку пастар менскай царквы хрысціян веры евангельскай „Ян Прадвеснік” Антоній Бокун распавёў прысутным пра дзейнасць Францыска Скарыны, пра гісторыю стварэння Бібліі і яе пераклады. А таксама прэзентаваў свой пераклад “Новага запавету”, які выйшаў тры гады таму.

Па словах Антонія Бокуна, зараз ён працуе над перакладам “Старога запавету”, а “Новы запавет” са старажытнагрэцкай і старажытнагабрэйскай моў ён перакладаў пяць год:

– Я ў свой час працаваў над выданнем Бібліі ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага. Пазней пачаў з-за таго, што проста банальна не было Бібліі па-беларуску. На пачатку 2000-х гадоў іх проста было складана дастаць. Пачаў займацца, каб быў хоць нейкі тэкст, які можна выкарыстоўваць у царкве, можна выкарыстоўваць увогуле, каб Біблія была даступная.  

Імпрэза складалася з трох частак, падчас якіх прэзентаваўся відэаролік пра дзейнасць Скарыны, праводзілася інтэлектуальная гульня “Факт ці фэйк”, гучала старажытная музыка і было зладжана тэатральнае прадстаўленне.

Паводле Антонія Бокуна, у вечарыне былі задзейнічаны вернікі царквы:

– Звычайна задзейнічаны члены царквы „Ян Прадвеснік” з Менска. Гэта розныя людзі, вернікі, прычым яны не абавязкова нават толькі з нашай царквы. Розныя людзі могуць гэта праводзіць, і тут няма ноў-хаў ці нейкага такога сакрэта. Мы дзелімся, вучым, таксама іншыя людзі праводзяць такія падобныя мерапрыемствы. 

Напрыканцы вечарыны ўсе прысутныя атрымалі ў якасці падарункаў пераклад “Новага запавету” Антонія Бокуна з аўтографам аўтара.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя