Скарынаўскія тэксты загучалі на сучаснай беларускай мове



Тэксты пяцісотгадовай даўніны сталі зразумелыя нашым сучаснікам. У межах Менскай міжнароднай кніжнай выставы адбылася прэзентацыя ўнікальнай кнігі – “Францыск Скарына “Маем найбольшае самі”. Гэта паэтычнае перастварэнне Скарынаўскіх прадмоваў да Бібліі.

Гаворыць паэт Алесь Разанаў, дзякуючы якому, тэксты першадрукара загучалі сучаснай беларускай мовай:

— Расчытаў. Знайшоў у прадмовах Скарыны паэтычны пачатак. Яны пачалі адгукацца: паэзія была, а формы не было вось такой угатаванай, яна была паэзія раствораная ў саміх тэкстах. І я як бы рэстаўраваў або надаваў таму зместу, таму паэтычнаму пачатку, які ўжо быў, форму, суадпаведную нашаму часу і самой з’яве літаратуры. 

Прадмовы Францыска Скарыны выдаваліся і раней, аднак тэксты выходзілі на старабеларускай мове з захаваннем правапісу і лексікі пяцісотгадовай даўніны. А таму, збольшага былі зразумелыя толькі спецыялістам.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя