Сквер ля Чырвонага касцёла прапануюць назваць у гонар Эдварда Вайніловіча



Сталічныя ўлады прапаноўваюць назваць сквер каля Чырвонага касцёла ў гонар Эдварда Вайніловіча, на грошы якога храм і быў узведзены. Пра гэта распавялі ў Менгарвыканкаме.

З такой ініцыятывай выступіла камісія па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складнікаў Менска.

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкама прымае меркаванні гараджан на гэты конт на працягу двух тыдняў. Свае заўвагі і прапановы можна накіроўваць па адрасе: пр-т Незалежнасці 8, індэкс – 220 030.

Эдвард Вайніловіч – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў. Ён ахвяраваў буйную суму на будаўніцтва касцёла ў сталіцы ў памяць аб сваіх памерлых дзецях.

tut.by