Славутага аўтара “Шляхціца Завальні” згадвалі ў Полацку



Славутага аўтара “Шляхціца Завальні” сёння, 14 красавіка, згадвалі ў Полацку. У Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылася прэзентацыя мемарыяльнай надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага.

Пліта была знойдзена ва ўкраінскім горадзе Чуднаве, дзе быў пахаваны пісьменнік, адрэстаўравана і гэтымі днямі прэзентуецца на яго радзіме.

Кажа выкладчыца ўніверсітэта, вядоўца імпрэзы Святлана Лясовіч:

– Мне здаецца, гэта цудоўна, што ў нашым Полацкім калегіюме, месцы, дзе вучыўся Ян Баршчэўскі, ёсць магчымасць экспанаваць пліту з яго магілы, знойдзеную цудоўным чынам, і мне здаецца, што гэта яшчэ раз дае нам магчымасць нагадаць пра тое, што тут жыве літаратурны дух, у калегіюме ёсць людзі, якія даследуюць літаратуру, якія пішуць літаратурныя творы, і так ці інакш гэта вяртае да нашых вытокаў, да нашай памяці.

На імпрэзе, акрамя полацкіх прамоўцаў, выступілі таксама прадстаўнікі малой радзімы Яна Баршчэўскага – Расоншчыны. Дарэчы, надмагільная пліта пісьменніка спачатку дэманстравалася ў Расонскім краязнаўчым музеі, адкуль яна і прыехала ў Полацак.

Беларускае Радыё Рацыя