Славутасці Беларусі – у Лідскім замку
У Лідскім замку адкрылася выстава Уладзіміра Шаркова „Славутасці Беларусі”. Мастак, графік, жывапісец, сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Шаркоў добра вядомы ў Беларусі і за мяжой па акварэльных ма-люнках гарадоў і славутасцяў.
Палітру мастака складаюць вытанчаныя лініі, мягкія колеры. Малюе гарады Уладзімір Шаркоў такімі, якімі ўбачыў іх упершыню ў рэальным жыцці або ў архіўных крыніцах. Удасканальвае, дадае дэталі, але імкнецца захаваць выявы нібы вычышчанымі ад павеву хуткабежнага часу.
У экспазіцыі „Славутасці Беларусі” можна ўбачыць Лідскі замак князя Гедыміна, Гальшанскі замак, руіны Наваградскага і Крэўскага замкаў, царкву ў Заслаўі, Марыінскі кафедральны і Свята-Духаў кафедральны саборы ў Менску, гарадскія ратушы Менска і Нясвіжа, іншыя вядомыя славутасці нашай краіны. Некаторыя працы падобныя да старых фатаграфій, а некаторыя здаюцца жывымі і рэальнымі.
Пра ўсё гэта паведамляе свежы нумар электроннага выдання “Наша слова. Pdf”, які рэдагуе пісьменнік і журналіст Станіслаў Суднік.
У нумары таксама паведамляецца пра 170-годдзе з дня нараджэння Аляксея Сапунова (1852-1924) – краязнаўцы, археографа, выкладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго са знакамітых беларускіх гісторыкаў апошняй чвэрці ХIХ – першай чвэрці ХХ стагоддзяў. Згадвае выданне і пра 70-годдзе пісьменніка Алеся Емяльянава.
Доктар Юліян Цітыюс (1819-1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (?-1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага таварыства і Віленскага медыцынскага таварыства. З’яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юліян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх. У “Нашым слове” апублікаваны пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 годзе ў віленскім „Пшэглёндзе Віленскім” і каментары Уладзіслава Талочкі да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія выйшлі ў тым жа выданні…
Поўнасцю свежы нумар “Нашага слова. Pdf” чытайце тут:
Беларускае Радыё Рацыя