Славутая гарадзенская паэтка Данута Бічэль неўзабавае адзначыць сваё 80-годдзе
Вядомая гарадзенская літаратарка, стваральніца музея Максіма Багдановіча Данута Бічэль адзначыць 3-га снежня сваё 80-годдзе. Аўтарка твораў розных жанраў для розных узроставых групаў з’яўляецца сімвалам літаратуры Гарадзеншчыны. Розны настрой – ад узнёслага юнацкага, да разважліва-філасофскага – можна знайсці у яе вершах. Данута Бічэль паходзіць з вёскі, якая прывіла ёй у свой час захапленне літаратурай.
Кажа Данута Бічэль:
– Паўплывалі мае бацькі – тата, мама і Рэня. Мая сям’я. І мая вёска. Таму што ўсе думаюць: вясковыя – простыя людзі, яны нічога не ведаюць, яны нічога не чытаюць. Я не ведаю, на якім узроўні цяпер вёска, я толькі маю сувязь са сваёй пляменніцай. Яна мае тое ж самае, што і я, – інтэрнэт. І яна мне гаворыць: вось такую кніжку я цяпер чытаю, Андруся Горвата. Пытаецца: вы чыталі? Кажу: не, я не чытала.
Юбілярка, апрача літаратуры, шчырая хрысціянка, праяўляе сваю чалавечнасць у адносінах да братаў нашых меншых. У яе хаце цяпер знаходзяць прытулак каты і нават варанё.
– Я іх ратую. Я іх не заводжу спецыяльна. Не разводжу ні катоў, ні птушак. Ратую ад розных непрыемнасцяў. Варанё звалілася з гнязда. Я падняла, яно ляжала на сцежцы. Жанчына яе падкінула нагой. Ішла і падбіла нагой, як мячык. Гэтага было дастаткова. Я не магла на гэта глядзець. Я яе забрала і прынесла дахаты.
Спадарыня Данута працягвае пісаць вершы і эсэ. Адной са знакавых кніжак, як падсумаванне яе папярэдняй творчасці, – з’яўляецца нядаўняе дыхтоўнае выданне „Беларускага кнігазбора”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя