Славуты мастак Мікола Купава адзначае юбілей



31 студзеня таленавіты беларускі мастак Мікола Купава адзначае 75-годдзе. Усё жыццё спадар Мікола працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі і жывапісу. Ён аздобіў дзесяткі кніг і альбомаў. А за мастацкае афармленне анцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988) быў узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны.

Мікола Купава атрымліваў і шэраг іншых узнагарод за сваю працу. Ён быў лаўрэатам прэміі Беларускага Фонда Тадэвуша Касцюшкі, пераможцам конкурса “Вечныя гарады” і ўзнагароджваўся паездкай у Рым, а таксама адзначаўся высокай адзнакай “Прывілей Беларускага Фонду імя Льва Сапегі за выдатнае аздабленне кнігі казак Уладзіміра Караткевіча “Лебядзіны скіт” і іншымі.

Мікола Купава ў свой час быў старшынёй суполкі “Пагоня”, працаваў выкладчыкам і мастацкім рэдактарам часопіса “Маладосць”, а таксама намеснікам дырэктара Менскага мастацкага вучылішча імя Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў. Творы мастака захоўваюцца ў многіх музеях Беларусі, у Беларускім музеі ў Нью-Ёрку, у прыватных зборах у ЗША, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Украіны. Яго персанальныя выставы ў Беларусі прысвячаліся 275-годдзю Яўхіма Храптовіча, 100-годдзю беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, постацям беларускай зямлі і г.д. З юбілеем Вас, спадар Мікола! Здароўя Вам, сіл, творчага натхнення, новых твораў і выстаў!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя