“Славянскі базар”: свята і каронавірус



У Віцебску працягваецца ХХІХ міжнародны фестываль “Славянскі базар”. Ён распачаўся ўвечары  16 ліпеня і будзе доўжыцца да19 ліпеня, усяго 4 дні замест ранейшых 10.

Фестываль скарацілі, бо шмат якія канцэрты давялося адмяніць праз каронавірус: многія краіны і выканаўцы адмовіліся ехаць у Беларусь. Але прыехалі таксама многія, і гэта выклікае занепакоенасць, кажа Ірына Траццякова, былая рэгіянальная каардынатарка валанцёрскага праекту ByCovid19:

– Завазны вірус – гэта будзе адназначна. Я не вірусолаг, не імунолаг, не інфекцыяніст, але за тры з паловай месяцы штодзённых кантактаў з медыкамі мы ўжо разумеем, што такое завазная інфекцыя. Я магу сказаць, што заражэнні будуць – людзі будуць заражаць адно аднаго ў гэтым святочным натоўпе.

У фестывальным Віцебску працуе шмат адкрытых канцэртных пляцовак, прадпрыемствы ладзяць продаж сваёй прадукцыі, амаль круглыя суткі функцыянуюць вулічныя  харчовыя кропкі, рамеснікі, мастакі і народныя майстры прывезлі плён сваёй працы…Але пакупнікоў і ўвогуле мінакоў сёлета  ў разы меней, чым у мінулыя гады.

Гэта адзначае і сталы ўдзельнік “Славянскага базару” Уладзімір Рамановіч,  які прапануе пакупнікам сувеніры і біжутэрыю з нацыянальнай сімволікай:

– Гэта ўжо не той натоўп, які быў у мінулыя гады, бо не прыехалі замежнікі, межы зачыненыя. Санстанцыя кажа, каб мы былі ў масках, каб заўсёды быў антысептык. Але людзі ўжо не так актыўна карыстаюцца. Дый спякотна вельмі, не вельмі зручна ў масках хадзіць, так што 50 на 50.

Абсалютная большасць гасцей сёлетняга “Славянскага базара” – гэта беларусы, пераважна жыхары Віцебска. Адказнасць за стан свайго здароўя арганізатары ўсклалі на іх саміх: на канцэртах не прадугледжана адмысловая рассадка “цераз крэсла”, і ці захоўваецца сацыяльная дыстанцыя на вулічных фестывальных пляцоўках, ніхто не кантралюе.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск