“Славянскі базар” – вачыма народных майстроў з краін-суседак



Міжнародны фестываль мастацтваў падыходзіць да завяршэння, паціху раз’язджаюцца госці Віцебску. У тым ліку народныя майстры з Украіны і Літвы, якія прывозілі на продаж свае рамесніцкія вырабы.

Лілія Ждан

Паводле вышывальшчыцы Ліліі Ждан з Івана-Франкоўскай вобласці і Лаймутэ Бенешунайтэ, майстра народнага мастацтва з Вільні, прыбыткі не надта вялікія:

– Дужа багаты ў нас выбар розных вышываначак, ёсць ручная праца і ёсць машынная вышыўка. Але гэта такі тавар, што не кожны можа сабе дазволіць такое набыць.

Лаймутэ Бенешунайтэ:

– Калі б мне трэба было плаціць за гэтае месца, а яго мне далі бясплатна, то я не зарабіла б на гэтае месца. Я разумею: выцінанка – гэта не дужа камерцыйны прадукт. Бо што цяпер набываюць на кірмашах? Тое, што можна з’есці і што можна на сябе апрануць.

Майстры пагаджаюцца, што беларусы сёння жывуць вельмі небагата, і таму не набываюць дарагія прадметы мастацтва. Бяруць хіба нешта невялічкае і недарагое: прыкладам, пернікі за адзін-два рублі. Іх пячэ і распісвае цукровай глазурай  Аксана Белавус, заслужаны майстар народнай творчасці Украіны.

На “Славянскім базары” яна ўжо не першы раз, і таму параўноўвае:

– Упершыню я была тут у 1992-м годзе. Нас паўсюль акрэдытавалі, усім забяспечылі – і сталамі, і ўсім-усім. Цяпер мы ўсё робім за ўласныя грошы. Мы ўжо і кошты выстаўляем ніжэй за кіеўскія, бо ў людзей няма грошай. Болей стала “шырспажыву”. Агульная атмасфера таксама становіцца ўсё горшай, узровень усё слабейшы.

Пра невысокі ўзровень сёлетняга “Славянскага базару” сведчыць і адносна невялікая колькасць  гасцей  з Расеі.  У мінулыя гады іх было больш, бо  квіткі на “зорак эстрады”  у Расеі шматкроць даражэйшыя ў параўнанні з тутэйшымі “базарнымі” коштамі. Але сёлета ў праграме, мабыць, было мала канцэртаў, прывабных для расейскага гледача. А беларусы і раней не дужа імкнуліся іх наведваць: вядома, што  квіткі штогод распаўсюджваюць пад прымусам, бо інакш  канцэртная зала будзе паўпустая.

Беларускае Радыё Рацыя