“Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Чарнігаве



2016-03-22_achromienka_teatralny_festyval_2У Чарнігаве праходзіць ХХIV Міжнародны тэатральны фестываль “Славянскія сустрэчы”, на якім, акрамя ўкраінскіх, традыцыйна выступаюць тэатральныя калектывы з Польшчы і Беларусі.

Чаму на сёлетні фестываль не запрасілі трупы з Расеі? Ці існуе моўны бар’ер ва ўспрыманні беларускіх спектакляў украінскімі тэатраламі? Як ставяцца да беларускіх акцёраў, рэжысёраў і драматургаў украінскія калегі?

Наш украінскі карэспандэнт пагутарыў з Сяргеем Майсеенкам, генеральным дырэктарам Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага тэатра ім. Т. Г. Шаўчэнкі.

Сяргей Майсеенка: Фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” мае даўнія карані – упершыню гэты фестываль праводзіўся ажно ў 1990-м годзе. Цяперашні фестываль ужо 24-ты. Тады з такой ініцыятывай выступіў Чарнігаўскі тэатр, да яе адразу далучыўся Гомельскі тэатр, а потым – і Бранскі. Калі рахаваць па гадах, то гэты фестываль павінен быць па ліку не 24-ым, а 26-ым. Але ж тыя падзеі, якія адбываюцца ва Украіне апошнія два гады, я маю на ўвазе агрэсію з боку Расеі, не спрыялі тэатральным імпрэзам, таму і  было прынято рашэнне два гады фестываль не праводзіць… Добра, што атрымалася гэты фестываль адрадзіць!

2016-03-22_achromienka_teatralny_festyval_1

РР: Сёлета ўпершыню ва Украіну не запрошаны калектывы з Расейскай Федэрацыі…

Сяргей Майсеенка: Так. Больш за тое: мы ўпершыню не запрасілі сюды аднаго з заснавальнікаў гэтага фестывалю – Бранскі драмтэатр. Няма сёння ў нас ніякіх падставаў запрашаць калег з Расеі, калі гэтая краіна вядзе супраць нас вайну і гінуць нашыя хлопцы на Данбасе. Мы з павагай ставімся да нашых калегаў у Расеі, але ёсць такія рэчы, праз якія мы не маем права пераступіць.

РР: У чарнігаўскім фестывалі бяруць удзел два тэатральныя калектывы – з Гомеля і з Берасця. Як на агульным фоне выглядаюць нашыя акцёры, рэжысёры і драматургі?

Сяргей Майсеенка: З тым жа Гомельскім драмтэатрам у нас доўгія, даўнія сяброўскія стасункі. Гамяльчане – нашыя сябры, пабрацімы і калегі. Нашыя рэжысёры бываюць у Гомелі, гомельскія – у нас. Што тычыцца Берасця, што з імі наладзілі творчыя кантакты толькі сёлета. Дзякуй, што яны пагадзіліся да нас прыехаць, і чакаем іх з задавальненнем.

Я не магу пакуль сказаць пра спектаклі беларускіх калег, але беларусы заўсёды прывозілі да нас якасны і цікавы творчы прадукт. Спадзяюся, што спектакль “Ён. Яна. Вайна” паводле Васіля Быкава, які прэзентуе Гомельскі драмтэатр, і “Вечар”, таксама паводле Васіля Быкава, які прывёз Берасцейскі драматычны тэатр, пройдуць паспяхова – як і заўсёды ў беларусаў…

2016-03-22_achromienka_teatralny_festyval_3 (1)

РР: Ці існуе для ўкраінскіх гледачоў моўны бар’ер у спектаклях на беларускай мове?

Сяргей Майсеенка: Ніякіх праблем! Ніякіх! Мы суседзі, мы жывем праз мяжу, мы жывем праз Дняпро. Мы нават і не думалі, каб рабіць нейкі пераклад… Да нас прыязджаюць госці з Варшавы, і тут ужо ўзнікаюць пэўныя праблемы, бо не ўсе польскія словы ўкраінец зразумее. Таму, хутчэй за ўсё, і будзем рабіць сурдапераклад…

РР: Яшчэ за савецкім часам літоўская тэатральная школа, напрыклад, моцна выбівалася з агульнага шэрагу, бо савецкі тэатр на яе паўплываў мала. Савецкага тэатра даўно няма. Наколькі, на ваш погляд, украінскі і беларускі тэатры адышлі ад савецкіх традыцый і ад цяперашніх расейскіх тэатральных стандартаў?

Сяргей Майсеенка: Да нас прыязджаюць тэатры, якія практычна адышлі ад савецкай драматургіі. Яшчэ параўнальна нядаўна тыя расейскія стандарты шчыра віталіся. Але, калі браць пад увагу, што ўсе культурныя кантакты з Расеяй у нас прыпыненыя, калі, умоўна кажучы, на нашых сцэнах не спявае Ала Пугачова – фармуецца і ўкраінскі падыход да культуры, і ўкраінскі рэпертуар тэатраў. Гэта фармуе нацыянальную ідэю, гэта фармуе ўкраінца. І гэта правільна. Але спыненне культурных кантактаў з Расеяй не азначае, што мы не хочам працаваць з беларускімі ці прыбалтыйскімі тэатрамі. Мы запрашаем і іншыя беларускія тэатры, і калектывы з Вільні і Рыгі на наш фестываль… Спадзяюся пабачыць іх тут у наступныя сезоны!

РР: А якія беларускія тэатры вы хочаце пабачыць на фестывалі ў наступных сезонах?

Сяргей Майсеенка: Вельмі хочам бачыць тут беларусаў. І з Менска, і з Віцебска, і надалей супрацоўнічаць з Берасцем і Гомелем. Браты нашы, беларусы, заўсёды былі, ёсць і будуць нашымі братамі. У нас ніколі не было такіх канфліктаў, як з расейцамі. Шчыра кажучы, па свайму досведу скажу: нам куды прасцей працаваць з беларусамі, чым з тымі ж расейцамі. З беларусамі заўсёды было паразуменне, і мы бачылі, што яны хочуць падставіць нам плячо, а не востры локаць кудысьці пад рабрыну… Заўсёды з вамі было камфортна, чаго, на вялікі жаль, не магу сказаць пра расейскіх калег. Там мы заўсёды адчувалі шавінізм і пыху. Мы людзі талерантныя, і ставіліся да такіх выбрыкаў з разуменнем… Так што да беларускіх калег у нас тут проста выдатнае стаўленне, і я вельмі разлічваю на далейшую творчую супрацу.

Міжнародны тэатральны фестываль “Славянскія сустрэчы” працягнецца да 29 сакавіка.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя