“Слонік і гармонік” са Слоніма



Пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын далёка не дзіцячы літаратар. Ён займаецца літаратуразнаўствам, краязнаўствам, гісторыяй. Зрэд часу пішуцца ў яго і вершы, ён выдаў паэтычныя зборнікі “Шчырая Шчара”, “Горад без цябе”, “Лірыка”, “Камень Міндоўга”, “Едуць гетманы ў Слонім” і іншыя.

Прыгожая кніжка вершаў “Слонік і гармонік” Сяргея Чыгрына адрасавана чытачам дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў. Яна нядаўна пабачыла свет у Гомелі ў выдавецтве ТДА “Барк”.

Кніжка вельмі прыгожа аформлена, а паэтычныя радкі аўтара не пакінуць раўнадушнымі не толькі дзяцей, але і дарослых. Вершы лёгка чытаюцца і запамінаюцца, яны напісаны шчыра, вобразна, з гумарам, з добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі. Зацікавяць чытачоў вершы пра родную прыроду і розных звяроў: ваўкоў, лісаў, зайцаў, мядзведзяў, вавёрак, а таксама пра птушак і, вядома ж, пра слоніка:

Слонік з Афрыкі у Слонім

Завітаў купіць гармонік.

Ўсе здзіўляюцца, глядзяць:

Ці умее слон іграць?..

Заліваецца гармонік –

Гэта вальс іграе слонік!

Шмат жартаўлівых вершаў у зборніку, прысвечаных крату-пілоту, казярогу, індыку, буслам, саве і граку, жабкам і тапкам і многім іншым. Усе, хто прачытае кніжку, адразу ўсміхнецца і ў іх абавязкова з’явіцца добры настрой.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя