Слонім і слонімцы напачатку ХХ стагоддзя
Гэтыя старыя фотаздымкі былі зроблены на Слонімшчыне ў 1916-1917 гадах. Іх аўтарам з’яўляецца невядомы каўзераўскі афіцэр Першай сусветнай вайны. Здымкі вельмі рэдкія, за выключэннем некалькі з іх, якія былі змешчаныя ў маёй кнізе “Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950)” (Менск, “Кнігазбор”, 2014).
На здымках адлюстраваны жыхары павятовага горада Слоніма і яго ваколіцаў. Шмат здымкаў фатограф зняў у цэнтры Слоніма каля гандлёвых радоў. Гэтых радоў цяпер у Слоніме няма. Сёння тут знаходзіцца сквер з танкам Т-34 і помнікам Леніна, а вуліца называецца Першамайская. А сто гадоў таму ў цэнтры Слоніма гадлявалі рознымі таварамі: ад сушаных грыбоў да запалак. Пад розныя крамы былі адведзены спецыяльныя вялікія памяшканні і кожная крама мела свой парадкавы нумар. У асноўным у крамах гандлявалі яўрэі і гэта былі іх прыватныя гандлёвыя кропкі.
Па “гарадскія” пакупкі у Слонім прыязджалі вяскоўцы, але з сабой яны прывозілі збожжа, малочныя прадукты, вырабы з дрэва, жалеза, тое, што ў вёсках на той час змаглі вырасціць, зрабіць вясковыя майстры ці ў кузні выкаваць. Адны тавары прадаваліся ці абменьваліся на другія.
У асноўным людзі прыходзілі ў горад пяшком ці прыязджалі на падводах. Больш багацешыя мужчыны насілі боты, шапкі, саматканыя паліто, бяднейшыя былі абутыя ў лапці і хадакі, некаторыя насілі клееныя калошы з гумы. Наогул, у той час, і гэта характэрна было для многіх рэгіёнаў Заходняй Беларусі, а не толькі для Слонімскага павета, традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з палатнянай кашулі, нагавіц, камізэлькі. Кашулі многія насілі навыпуск, падпярэзвалі поясам, калошы абкручвалі анучамі, абувалі лапці, скураныя пасталы і, вядома ж, боты. Галоўнымі ўборамі былі саламяныя капялюшы летам, і валеныя магеркі ці розныя шапкі, якія ўдалося каму пашыць ці вырабіць. Насілі мужчыны зімой кажухі, праз плечы ў іх віселі розныя торбы ці скураныя сумачкі-шыбеты. Што датычыць мужчынскіх касцюмаў, дык яны асаблівым аздабленнем не вызначаліся. У іх пераважаў белы колер, льняны, а дэкор прыпадаў на каўнер і на пазуху кашулі і перш-наперш на кідкі ў вочы рознакаляровы пояс з кутасамі ці проста цёмны, шырокі пояс. А цяпер звярніце ўвагу ў чым апранутыя былі жанчыны. Амаль ва ўсіх жанчын на плячах накінутыя вялікія хусткі. Цёплыя хусткі і на галовах беларусак, летам – ва ўсіх амаль тонкія хустачкі белага колеру, у багацейшых – капелюшы. Амаль аднолькавае, бывае і разнастайнае ў іх мелася паясное адзенне. Тады існавалі розныя віды спадніц – гэта андаракі, палатнянікі, саяны, летнікі, насілі і панёвы, фартухі. Фартухі былі ўсе светлага колеру з вышыўкамі ўнізе. У асноўным дэкаратыўны малюнак спадніц складаўся з клетак. Фартухі ўпрыгожваліся карункамі і махрамі. У жаночае, асабліва святочнае ўбранне ўваходзіў таксама гарсэт. Гарсэт, відаць, адзеты і на прыгажуні, якая бярэ ваду са студні. Дзяўчына загадзя ведала, што яе будуць фатаграфаваць і апранула самае прыгожае сваё ўбранне. Тое самае можна сказаць і пра дзяўчыну, якая сядзіць на лаўцы каля сваёй хаты: у новай чысценькай кофтачцы, юбцы і чаравічках. Хоць на вуліцы яшчэ ляжыць снег, але яна пагадзілася зрабіць фотаздымак на памяць у такім вось выглядзе.
Летам у спякотнае надвор’е ўсе хадзілі босыя. Асабліва дзеці.На адным са здымкаў бачна, як дзеткі прыйшлі ў кандытарскую лаўку разам з дарослымі. Усе яны босыя. Чакаюць, калі іх пачастуюць свежымі булачкамі ці абаранкамі.
Вуліцы ў цэнтры Слоніма былі брукаваныя. На рынак людзі прыязджалі з кошыкамі, мяшкамі, торбамі, карзінамі, з драўлянымі вёдрамі, у збанках боўталася налітая вада. Вельмі шанавалі коней. Коні пад гарачым сонцам накрывалі радзюшкамі, прывязвалі да галавы каня мяшок з сенам ці аўсом і яны пастаянна елі…
Усе гэтыя старыя здымкі, на якіх адлюстраваны людзі і горад над Шчарай стогадовай мінуўшчыны, наша гісторыя. І добра, што гэтыя фотаздымкі зберагліся да сённяшніх дзён.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара.