Слонім ушаноўвае Міхала Казіміра Агінскага
У сераду, 6 лістапада, у Слоніме адбудзецца ўрачыстае адкрыццё бюста Міхала Казіміра Агінскага (1730-1800) – дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай,кампазітара, паэта, мецэната, стваральніка “сядзібы муз” у Слоніме.
Да сённяшніх дзён слонімцы памятаюць свайго земляка, які шмат зрабіў для таго, каб у XVIII cтагоддзі ў Еўропе ведалі пра Слонім і яго славуты тэатр. Слонімцы не толькі памятаюць Міхала Казіміра Агінскага, але і ўшаноўваюць. У Слоніме ёсць вуліца гетмана. У 1990-х гадах мясцовыя грамадскія актывісты змаглі вярнуць старую назву вуліцы Оперная, якую савецкая ўлада перайменавала ў вуліцу Энгельса. Некалі па вуліцы Опернай спяшылі артысты ў свой славуты тэатр Агінскага. Такой назвы вуліцы не мае ніводзін горад у свеце. А ў Слоніме вуліца Оперная ёсць.
Недалёка ад вуліцы Оперная знаходзіцца і вуліца Міхала Казіміра Агінскага. А побач з гэтымі вуліцамі працякае малы канал Агінскага, пабудаваны па загаду гетмана. Сёлета берагі канала ўпарадкавалі і ён набыў даволі прыстойны выгляд.
Некалькі гадоў таму на будынку Слонімскага драматычнага тэатра ўстанавілі мемарыяльную шыльду Міхалу Казіміру Агінскаму – пачынальніку тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. Аўтарам шыльды быў Леанід Богдан. Недалёка ад тэатра паўстаў і бюст Агінскага, які спраектаваў, выканаў і за ўласны кошт паставіў мясцовы прадпрымальнік Уладзімір Вількіцкі. У 1960 годзе ў Кёльне выйшла з друку кніга Анджэя Цеханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”. На беларускую мову гэту кнігу пераклаў слонімскі перакладчык Уладзімір Сакалоўскі. Кніга мела ўжо два выданні.
Так што, слонімцы памятаюць Міхала Казіміра Агінскага і шчыра яго ўшаноўваюць да сённяшніх дзён.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя