Слонімшчына ўшанавала Валянціна Таўлая
У бібліятэках Слонімшчыны адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 105-й гадавіне пісьменніка і грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая.
Імя Таўлая непасрэдна звязана са Слонімшчынай. З 1924 года ён жыў у вёсцы Рудаўка Слонімскага павета. Скончыў трэці аддзел польскай школы ў вёсцы Вялікая Рудаўка. У 1925 годзе здаў на выдатна экзамен на першы курс Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А вясною быў залічаны на першы курс Слонімскай польскай дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі. Але праз год, за нежаданне адмовіцца ад беларускай нацыянальнасці, быў пазбаўлены стыпендыі і пакінуў вучобу, вярнуўшыся назад у Рудаўку. У роднай вёсцы рыхтуецца да паступлення ў Віленскую беларускую гіназію, куды паступае восенню 1927 года…
У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшоў урок для старшакласнікаў “Покліч долі адзінай”. А Слонімская раённая дзіцячая бібліятэка правяла кніжны патруль “Мне любай калыскай стаў Слонімскі край”. Сялявіцкая сельская бібліятэка парадавала чытачоў літаратурным часам пад назвай “Змагаўся лістоўкай і песняй”. А Азярніцкая сельская бібліятэка запрасіла сваіх землякоў на вечар паэтычнага настрою, прысвечанага юбілею свайго вядомага паэта пад назваю “Гэта ўсе – знаёмыя шляхі”.
На здымках:
Валянцін Таўлай з маці, бацькам і бабуляй, 1917 г.
Валянціну Таўлаю 15 гадоў. Рудаўка, 19 жніўня 1929 г.
Рудаўская баба Аўдоцця, якая гадавала Валянціна Таўлая.
Хата ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне, дзе гадаваўся Валянцін Таўлай.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён