Слонімскаму драматычнаму тэатру – 30
1 студзеня 2020 года калектыў Слонімскага драматычнага тэатра сустрэў не толькі Новы год, але і свой юбілей – 30-годдзе з дня адкрыцця.
30 гадоў таму ў Слоніме пачаў дзейнічаць прафесійны дзяржаўны тэатр, дырэктарам і рэжысёрам у адной асобе быў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Гэта, дзякуючы яму, у горадзе над Шчарай ужо 30 гадоў існуе дзяржаўны прафесійны драматычны тэатр. Падобнымі тэатрамі не могуць сёння пахваліцца і больш вялікія па колькасці насельніцтва гарады, напрыклад, тыя ж Баранавічы, Ліда, Орша. А ў Слоніме тэатр існуе і працягвае тыя традыцыі, якія пачаў гетман Міхал Казімір Агінскі яшчэ ў сярэдзіне XVIII cтагоддзя.
Галоўнай мэтай тэатра ў Слоніме была і застаецца – прапаганда сцэнічнага мастацтва. І, хоць не проста сёння гэта рабіць, але тэатр у Слоніме ёсць, і гледачы яго шчыра любяць. На працягу 30 гадоў калектыў Слонімскага драматычнага тэатра ажыццявіў больш за 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай беларускай, а таксама замежнай драматургіі, шматлікія з іх перакладзены на беларускую і рускую мовы.
Сёння ў тэатры працуюць таленавітыя людзі, якія шчыра любяць тэатральнае мастацтва, з любоўю да сваёй справы адносяцца, радуюць гледачоў. Вядома ж, слонімцы ведаюць многіх артыстаў у твар па розных спектаклях, якія за гэтыя дзесяцігоддзі сотні разоў выходзілі на сцэну.
Толькі за апошнія пяць гадоў калектыў Слонімсмкага драмтэатра ажыццявіў пастаноўкі 16 новых спектакляў па п’есах беларускіх і замежных драматургаў. У 2017 годзе тэатр прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. На суд фестывалю быў вынесены спектакль па п’есе беларускага драматурга Сяргея Кавалёва «Тарас на Парнасе» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца.
Шчыльна сябруе тэатр са Слоніма з іншымі тэатрамі Беларусі. У апошні час ён ажыццявіў узаемагастролі з Менскім абласным тэатрам з Маладзечна, з Гарадзенскімі абласным драмтэатрам і тэатрам лялек. І надалей будзе гэта працягваць ажыццяўляць. А ў верасні 2019 года ўпершыню Слонім наведаў Менскі Новы драматычны тэатр са спектаклямі «Бонусны сеанс псіхааналізу» і «Прынц і страшыдла», які выступіў на сцэне тэатра. У напрыканцы кастрычніка минулага года калектыў Слонімскага драмтэатра са спектаклям «Лясны дэтэктыў» для дзяцей паказаў сябе на сцэне Менскага Новага драмтэатра.
Калектыў Слонімскага драматычны тэатра і надалей будзе шмат увагі надаваць цікавым сцэнічным пастаноўкам твораў беларускіх і замежных драматургаў, якія будуць радаваць аматараў тэатральнага мастацтва не толькі ў горадзе над Шчарай, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Таму сваё 30-годдзе слонімскія артысты сустракаюць з аптымізмам і надзеяй на новыя сустрэчы з гледачамі. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею калектыў тэатра адзначыць сёлета ў канцы сакавіка.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара