Слонімскаму ТБМ – 30 гадоў



Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы 14 сакавіка споўнілася 30 гадоў. Менавіта 30 гадоў таму ў Слоніме адбыўся ўстаноўчы сход ТБМ.

Сход праходзіў у раённым Доме культуры. Да гэтай падзеі быў падрыхтаваны і выпушчаны ў мясцовай друкарні спецыяльны запрашальны білет накладам 250 асобнікаў. Білет афармляў слонімскі мастак Рыгор Жук. Першым кіраўніком Слонімскага ТБМ была абрана сакратар мясцовага гаркама КПБ Лідзія Мукасей. А праз месяц Слонімская арганізацыя ТБМ арганізавала і правяла ў Слоніме першае мерапрыемства – навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 500-годдзю Францыска Скарыны. 

 

Канферэнцыю адкрыла Лідзія Мукасей. А потым слонімцы выступалі з дакладамі на самыя розныя тэмы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны. Васіль Супрун, напрыклад, распавёў пра Францыска Скарыну і яго час, настаўніца Алена Барадзіна – пра беларускую мастацкую Скарыніяну, пра сувязі Францыска Скарыны і Слонімшчыны казаў Сяргей Чыгрын, прафесар Алег Лойка цікава прыгадваў сваю працу над кнігай “Францыск Скарына або Сонца маладзіковае”, паэт Анатоль Іверс выказаў свае адносіны да Скарыны, а Рыма Міско казала пра стан сучаснай беларускай кнігі. У той дзень адбылася віктарына, экскурсія ў друкарню і адкрыццё пакоя-музея Францыска Скарыны пры цэнтральнай бібліятэцы. Цяпер тут знаходзіцца музей “Літаратурная Слонімшчына”.  Да гэтай канферэнцыі 30 гадоў таму таксама былі выпушчаны запрашэнне і праграма канферэнцыі ў афармленні мастака Рыгора Жука.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара