Слонімскаму тэатру – 25



Свой юбілей калектыў Слонімскага драматычнага тэатра адзначыць 29 сакавіка. Падчас урачыстасцей артысты тэатра прыгадаюць увесь 300-гадовы шлях развіцця тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне, з якіх – 25 гадоў прайшоў Слонімскі драматычны тэатр.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё на Слонімшчыне адносяцца да XVIII стагоддзя, калі існаваў у 1744-1769 гадах Слонімскі школьны тэатр пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары тэатра пераважалі тады драмы на рэлігійныя, міфалагічныя і гістарычныя сюжэты. Паказы адбываліся пераважна на лацінскай, зрэдку на польскай мовах. Звычайна гэтыя пастаноўкі суправаджаліся алегарычным пралогам, эпілогам, харамі, інтэрмедыямі і найчасцей прымяркоўваліся да пастоў, завяршэння навучальнага года, некаторых свят. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума, а ў спектаклях удзельнічалі і выкладчыкі, і навучэнцы.

А ў 1771 годзе ў Слоніме была заснавана Вялікая тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. У тэатры Агінскага працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, мясцовы беларускі хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770-1780-я гады пры тэатры існавала і музычная школа. Рэпертуар тэатра складаўся з розных балетаў. Паводле “Інвентара інструментаў і музычных папер”, складзеным у 1801 года збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага , уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка “мэтра ігры на клавікордзе” Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, М.Лазарыні і іншыя. Філіялы Слонімскага тэатра Агінскага працавалі ў г.Седльц (Польшча) і мястэчку Целяханы (цяпер Івацэвіцкі раён).

Паміж 1777-1780 гадамі ў Слоніме быў пабудаваны “Дом оперы” (архітэктар Іначэнца Мараіна, разбураны пасля 1804 года), які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала Агінскага і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры працаваў піратэхнік Ц.Ваксмунт). Дэкарацыі для сцэны стваралі І.Мараіна і тэатральны машыніст Жан Баі (Ян Бой).

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных мясцовых сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю…

Пасля 1791 года тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў.

Калі Слонім трапіў пад Расійскую імперыю, тэатральнае жыццё ў горадзе над Шчарай на шмат дзесяцігоддзяў спыніла сваю дзейнасць. Праўда, існавалі розныя местачковыя рускія тэатры, але яны нічым асаблівым не вызначаліся.

У 1920-1939 гадах Слонім знаходзіўся пад Польшчай. У горадзе актыўна ствараліся розныя тэатральныя калектывы. Гэта гарадскія самадзейныя гурткі, якія ставілі пастаноўкі на польскай, яўрэйскай, татарскай і беларускай мовах. Асабліва актыўна мясцовая моладзь ладзіла розныя тэатральныя пастаноўкі ў вёсках, дзе вяскоўцам часта паказвалі спектаклі па п’есах беларускіх драматургаў.

Падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме пры Беларускім Народным доме быў створаны і актыўна працаваў беларускі драматычны гурток, якім кіраваў І.Чуркін. Артысты тэатра паказвалі п’есы беларускіх драматургаў, выступалі з рознымі канцэртнымі праграмамі, запрашалі да сябе беларускія калектывы з іншых гарадоў Беларусі. Летам 1942 і 1943 гадоў у Слоніме на гастролях знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр (кіраўнік Пётр Булгак), які на сцэне Беларускага Народнага дома паказаў некалькі спектакляў — “Каварства і каханне” Ф. Шылера, “На Антаколі” Ф. Аляхновіча і “Паўлінку” Я. Купалы. У 1943 годзе выступаў і Баранавіцкі аматарскі тэатр, які паказваў “Пана міністра” Ф.Аляхновіча. А паэт Сяргей Новік-Пяюн пры Слонімскім краязнаўчым музеі вясной 1942 года таксама стварыў маладзёжны драматычны гурток. Артысты паставілі спектаклі “Мікітаў лапаць” па п’есе Міхася Чарота, “На вёсцы”, “Дзядзька Якуб”, “Чорт і баба” Фрацішка Аляхновіча і іншыя спектаклі.

Пасля вайны ў адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы Слоніма паведамілі аб першым спектаклі “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Кіраўніком калектыву быў тады дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. Разам з ім працаваў у Слоніме і вопытны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва” у 1928 годзе і вандраваў з яўрэйскай акцёрскай трупай па Украіне і Беларусі. Тады ў 1948 годзе драмгурток атрымаў ад слонімцаў першыя апладысменты. Спектакль “Шляхі-дарогі” меў поспех. Яго паказвалі 32 разы. Ён і замацаваў веру артыстаў і рэжысёра ў свае сілы. Пачалася сур’ёзная, мэтанакіраваная работа на сцэне, якая не спынялася дзесяцігоддзямі. З 1959 года драмгурток атрымаў званне народнага.тэатра.

[Not a valid template]

У 1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў рэжысёр Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Гэты чалавек аддаў усе свае сілы, веды, натхненне і жыццё тэатру ў Слоніме. Пры ім народны тэатр у горадзе над Шчарай стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны. У рэпертуары тэатра сталі з’яўляцца п’есы класікаў беларускай і рускай драматургіі: А.Астроўскага, М.Горкага, Б.Лаўранёва, К.Транёва, В.Розава, Я.Купалы, У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Крапівы, А.Макаёнка і г. д. Калектыў Слонімскага народнага тэатра ў 1975-1977 гадах стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. На базе тэатра быў створаны Слонімскі драматычны тэатр.

Дзяржаўны драматычны тэатр у Слоніме існуе ўжо чвэрць стагоддзя. Да 2000 года яго ўзначальваў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). А з 2008 года па сённяшні дзень творчым калектывам кіруе рэжысёр Васіль Сявец.

За гэты час Слонімскі драматычны тэатр ажыццявіў больш за 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра, ставяцца п’есы і сучасных беларускіх драматургаў, п’есы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі, тэатр шмат ставіць спектакляў для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі. У асноўным калектыў тэатра абслугоўвае раённыя цэнтры і жыхароў вёсак у Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. На сённяшні дзень рэпертуар тэатра налічвае 23 спектаклі для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

Летась калектыў тэатра пераехаў у новае памяшканне, якое знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Сваё 25-годдзе ён сустрэне на роднай сцэне, пра якую марылі ўсе шмат гадоў. Сустрэне з надзеяй на лепшы свой творчы лёс, каб па-ранейшаму працягваць тыя тэатральныя шлях і традыцыі, якія пачаліся на Слонімшчыне яшчэ ў XVIII стагоддзі.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота з архіва аўтара.