Слонімскі драмтэатр адкрывае новы сезон



OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ нядзелю, 6 верасня, Слонімскі драматычны тэатр пачаў свой новы тэатральны сезон. У гэты дзень жыхары і госці горада над Шчарай паглядзелі два спектаклі. На суд юных гледачоў была вынесена прэм’ерная пастаноўка па п’есе беларускага драматурга Генадзя Аўласенкі “Як павука з луга праганялі”. А дарослыя гледачы паглядзелі народную камедыю “Вось табе і гоцаца!”. Два гэтыя спектаклі паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

У новым сезоне слонімскія артысты парадуюць гледачоў французскай камедыяй “Каханне і грошы”, над якой працуе рэжысёр Ірына Бурак, а таксама паставяць некалькі спектакляў для дзяцей і школьнікаў. У мэтах прапаганды беларускага тэатральнага мастацтва слонімскі творчы калектыў у новым сезоне ажыццявіць шмат аднадзённых гастроляў са спектаклямі па Гарадзенскай, Берасцейскай і Менскай абласцях.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара