Слонімскі “Паланэз” прэзентавалі ў Дзятлаве



У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя слонімскага літаратурнага альманаха “Паланэз”. На прэзентацыю завіталі са Слоніма пісьменнікі Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч і мастачка, бард, паэтка Надзея Салейка.

Да гэтай урачыстасці дзятлаўскія бібліятэкары арганізавалі вялікую выставу кніг, прысвечаную 75-годдзю Гарадзенскай вобласці, распавялі пра гістарычны шлях вобласці, а потым пазнаёмілі прысутных з гасцямі. Сяргей Чыгрын перад дзятлаўчанамі падвёў вынікі Дня беларускага пісьменства і друку ў Слоніме, распавёў пра першы літаратурны альманах “Паланэз”, а таксама запэўніў, што ў наступным годзе падобны альманах з’явіцца і на Дзятлаўшчыне.

Мікола Канановіч чытаў свае новыя вершы, а Надзея Салейка парадавала прысутных не толькі вершамі, але і рамансамі ў сваім выкананні.

Сустрэчу радавалі і дзятлаўскія артысты, якія выконвалі песні на роднай мове. Роднае слова гучала ў выкананні Алы Чарняўскай і Марыны Шаўчук. А грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч запрасіў дзятлаўчан дасылаць свае творы ў будучы альманах і аб’явіў конкурс на яго прыгожую назву.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава Фота аўтара