Слонімскі скульптар працуе над помнікам Статуту 1588 года
Слонімскі скульптар Леанід Богдан працуе над помнікам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. У майстэрні скульптара творчы працэс ідзе поўным ходам. Па словах Леаніда Богдана, ён мяркуе гэты помнік ўсталяваць у Слоніме ў цэнтры горада. На спецыяльным пастаменце будзе ляжаць сам вялікі Статут. На Статуце будзе адціснутая далонь. Кожны слонімец ці госць горада зможа падыйсці да гэтага помніка-кніжкі, прачытаць яе і даведацца, што гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага, гэта значыць звод законаў нашай дзяржавы, помнік беларускай пісьменнасці, мовы і юрыдычнай думкі, і прыкладзе ў адціснутую далонь сваю, нібыта зложыць клятву перад Статутам у любові да сваёй Бацькаўшчыны.
Калі праца будзе завершана, Леанід Богдан прапануе сваю задумку і помнік Статуту кіраўніцтву Слонімскага райвыканкама.
Нагадаем, што прыняцце Другога Статуту не спыніла кадыфікацыйную працу. Берасцейскі (1566) і Гарадзенскі соймы ўнеслі папраўкі ў некаторыя артыкулы. На апошнім утварылася камісія для дапрацоўкі зводу, абраная на Люблінскім сойме. Кіравалі тады камісіяй складальнікаў канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега. Да канца 1584 года праца завяршылася, аднак у звязку з тым, што звод ігнараваў акт Люблінскай уніі, прадстаўнікі Каралеўства Польскага не дапускалі яго зацвярджэнне на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць вялікакняскі сталец, Жыгімонт Ваза зацвердзіў Статут уласным прывілеем ад 28 студзеня 1588 года.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.