Слонімскія мастакі адкрылі сваю выставу да юбілею музея



У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага ў сераду, 24 верасня, адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы слонімскіх мастакоў мясцовага творчага аб’яднання “Арт-Слонім”. Гэтую выставу слонімскія мастакі прысвяцілі 85-годдзю Слонімскага музея.

На выставе мастакі паказалі каля 50 сваіх мастацкіх твораў. Амаль усе яны прысвечаны Слонімшчыне: помнікам, прыродзе, Слоніму, людзям і карціны на вясковую тэматыку. Асабліва здзівілі наведвальнікаў скульптуры Леаніда Богдана, у прыватнасці, яго праца “Гражына Адама Міцкевіча”.

Падчас выставы гучалі музычныя і вершаваныя творы. А старэйшы мастак Пятро Бурсевіч не толькі выставіў 7 сваіх палотнаў, але і прачытаў верш “Хутарок” – настальгічны твор аб маленстве.

“У апошнія гады мы даволі часта ў Слоніме наладжваем свае выставы. І робім гэта дзеля таго, каб на мастакоў Слонімшчыны, якія аб’ядналіся ў адну творчую суполку “Арт-Слонім”, мясцовае начальства звярнула ўвагу. Нам даўно пара прадаставіць у горадзе памяшканне, дзе б мы маглі працаваць, наладжваць творчыя сустрэчы, дапамагаць пачынаючым мастакам, зберагаць свае творы. Але пакуль слонімскія чыноўнікі нас нібыта не заўважаюць, хаця мы даўно ва ўсім гораду дапамагаем, адгукаемся на ўсе іх просьбы і сустрэчы”, – сказаў падчас выступлення скульптар Леанід Богдан.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.