Слонімскія танцоры прывезлі Гран-пры з Таліна



Слонімскі ўзорны танцавальны калектыў “Атланта”, якім кіруе Алена Бельская, заваяў Гран-пры на чацвёртым Міжнародным фестывалі сцэнічнага мастацтва “Balt Prix 2018”, які цяпер праходзіць у Таліне.

Дарэчы, слонімскія танцоркі ўжо не першы год перамагаюць на розных міжнародных конкурсах і фестывалях. Нядаўна ў міжнародным фестывалі-конкурсе культуры і мастацтва “Italian Break”, які адбыўся ў Італіі, слонімскія танцоркі таксама выступілі паспяхова і прывезлі ў родны горад Гран-пры. Яны год таму занялі першае месца і ў міжнародным танцавальным конкурсе “And Art Competition”.

Нагадаем, што ансамбль сучаснага танца “Атланта” быў створаны ў Слоніме ў 2003 годзе. У ансамблі танцуюць дзеткі і школьнікі, якія праз танцы даволі паспяхова знаёмяцца з сучасным мастацтвам. Яны танцуюць спартыўна-эстрадныя танцы, сучасныя танцавальныя пастаноўкі, дзіцячыя эстрадныя танцы, выдатна выконваюць розныя стылізаваныя харэаграфічныя кампазіцыі і г.д. Кіруе “Атлантай” цудоўны педагог-харэограф Алена Бельская.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота з архіва “Атланты”