Слонімцы нагадалі праўладнаму кандыдату пра Ларысу Геніюш



Работнікі культуры Слоніма сустракаліся з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Валянцінам Семянякам, які вылучаны ад улады. Валянцін Семяняка шмат гадоў быў намеснікам старшыні Зэльвенскага райвыканкама, а цяпер ён узначальвае Зэльвенскі райсавет. Падчас сустрэчы з кандыдам прагучалі некалькі пытанняў, звязаных з ушанаваннем беларускай паэткі і змагаркі Ларысы Геніюш (1910-1983), якая прайшла сталінскія лагеры і да смерці жыла ў Зэльве на Савецкай вуліцы. Першае пытанне было такое: як ушаноўваецца ў Зэльве памяць пра Ларысу Геніюш?

Спадар Семяняка падзякаваў за пытанне, а таксама сказаў, што паэтка да сённяшніх дзён нерэабілітавана. “Магчыма, яна была б ушанавана сёння на належным роўні, але ў апошні час з яе зрабілі палітыку. Яе ўшаноўваюць у зэльвенскай царкве, ёсць там музейчык невялікі, побач бюст Ларысы Геніюш. А магілу яе на мясцовым пагосце даглядае ўлада”, — сказаў Валянцін Семяняка.

Прагучала ў адрас кандыдата і другое пытанне: навошта ў 2010 годзе была сарвана з хаты, дзе жыла паэтка, мемарыяльная дошка? Спадар Семяняка адказаў, што, каб прымацаваць мемарыяльную дошку да сцяны хаты, неабходна атрымаць дазвол, але такога дазволу тады не было, таму была знята з хаты, дзе паэтка жыла, мемарыяльная дошка”.

Пракаментаваць сказанае Семянякам наш карэспандэнт папрасіла пісьменніка Міхася Скоблу. “Да 100-годдзя Ларысы Геніюш летам 2010 года на хаце, дзе жыла Ларыса Геніюш, была прымацавана мемарыяльная шыльда. На шыльдзе быў барэльеф Ларысы Геніюш і надпіс: „У гэтым доме жыла выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш (1910-1983). Мы заўжды душой з сваімі хатамі, Бо арлы не пакідаюць гнёзд”.

А таксама на шыльдзе была выява Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Пра намер усталяваць шыльду я, як старшыня грамадскага аргкамітэту тады асабіста размаўляў з намеснікам старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцінам Семянякам. Ён мне сказаў даслоўна: „Дом прыватызаваны, і дазволу выканкама не трэба. Толькі вы парайцеся з юрыстамі”. Я параіўся. Дзейнае заканадаўства не забараняла на прыватным доме ўстаноўку шыльдаў. Напрыклад, у 2009 годзе ў Гарошкаве Рэчыцкага раёну была ўсталяваная шыльда на хаце паэта Анатоля Сыса. І ніхто яе не сарваў.

Пасля размовы з юрыстам, я дамовіўся з гаспадыняй дому. І 26 ліпеня 2010 года шыльда была ўсталяваная, прычым, не на фасадзе дому, а з двара.

4 ліпеня у 16.30 мне патэлефанавала гаспадыня і плачучы паведаміла, што ў двары чалавек 15 здымаюць шыльду, складаюць нейкія пратаколы. Яны сарвалі шыльду і панеслі з сабой. І гэта шыльда здымалася па загаду таго ж Семянякі. Што датычыць невялікага музея ў зэльвенскай царкве і бюста Ларысы Геніюш на цвінтары царквы, то гэта не мясцовая ўлада ўшанававала паэтку, а творчая інтэлігенцыя Беларусі разам з царквой. Так што спадар Семяняка нічога не зрабіў дзеля ўшанавання вялікай беларускай паэткі ў Зэльве, а толькі шкодзіў”.

Альжбета Рудніцкая, Беларускае Радыё Рацыя