Слонімцы слухалі пра гісторыю, культуру і літаратуру
Сябры Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Мінолс” запрасілі да сябе слонімскага краязнаўца, гісторыка і літаратара Сяргея Чыгрына, каб ён распавёў ім пра гісторыю горада над Шчарай, пра знакамітых людзей, пра славутыя помнікі на тэрыторыі раёна.
Госць пагадзіўся, і такая сустрэча адбылася. Прысутныя з цікавасцю пазнаёміліся з выступленнем Сяргея Чыгрына, які цікава распавёў пра свой край, пра тыя факты і падзеі, пра якія яны ніколі не чулі. Падчас сустрэчы вялася гутарка і пра ўшанаванне сваіх знакамітых землякоў, асабліва пісьменнікаў, тым больш, што ў верасні 2019 года ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства і друку.
Сябры грамадскага аб’яднання задалі госцю шмат пытанняў, асабліва па ахове помнікаў, у прыватнасці, па ахове палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін. Бо архітэктурны помнік першай паловы XIX стагоддзя, сапраўды, просіць дапамогі, асабліва каменныя львы перад палацам.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім