Слонімцы звярнуліся ў райвыканкам, каб разам адзначыць 102-я ўгодкі БНР
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся з пісьмовым калектыўным зваротам у Слонімскі райвыканкам. У калектыўным звароце паведамляецца: “25 сакавіка 2020 года ў Беларусі будуць адзначацца 102-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Мы, жыхары Слоніма, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, звяртаемся да Вас з прапановай адсвяткаваць гістарычную падзею ўтварэння БНР на раённым узроўні.
Просім Вас ініцыяваць і даручыць адпаведным аддзелам Слонімскага райвыканкаму арганізаваць і правесці ў Слонімскім раёне шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемствы можна правесці ў розных фарматах: канцэрт, фотавыстава, мітынг, віктарыны, конкурсы, сустрэчы і г.д.
Беларуская Народная Рэспубліка была ўтвораная 9 сакавіка 1918 года Другой устаўной граматай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 года было абвешчана, што беларускі народ хоча быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром на сваёй зямлі. Без БНР не было б БССР і сёння не існавала б незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь.
Спадзяемся, што Вы, шчырыя патрыёты нашай Бацькаўшчыны, зробіце ўсё магчымае, каб дадзеную гістарычную і лёсавызначальную падзею шырока адзначыць на раённым узроўні”.
Зварот 5 сакавіка перададзены ў Слонімскі райвыканкам, і слонімцы чакаюць на яго адказ.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім