“Слёзы на вецер” – першая кніжка паэткі з Жыровіч



У менскім выдавецтве А.М.Янушкевіч свет пабачыў першы паэтычны зборнік маладой паэткі Дар’і Бялькевіч. Зборнік мае назоў “Слёзы на вецер”.

Дар’я Бялькевіч родам з вёскі Жыровічы Слонімскага раёна. Яна далёка не філолаг, а скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Але па-сапраўднаму любіць беларускае слова, літаратуру і культуру. Жыве ў Менску, прымае самы актыўны ўдзел у розных літаратурных праектах і імпрэзах.

Першы паэтычны зборнік маладой паэткі – шчыры, арыгінальны, з цікавай канцэпцыяй і філасафічнасцю. Яго можна разглядаць з розных пунктаў гледжання: з аднаго боку, як вершы паэткі суадносяцца з яе творчасцю ў цэлым, а з другога – аналізаваць іх, як завершанае мастацкае адзінства, якое бярэ пачатак з характару лірычнага героя. Вершы Дар’і Бялькевіч ствараюць унутранае адзінства, абумоўленае цэласнасцю светаўспрымання, ствараючы ўласную паэтычную сістэму. Філасофскія радкі паэткі адразу запамінаюцца:

Не пішу пра каханне:

Яно – мярцвяк.

Пра яго або добра,

Або ніяк.

***

Пыл пад ложкам захоўвае сны.

Кожны раз, калі ты мне снішся,

Я мыю падлогу.

***

Не бачу крыжа на сваіх грудзях –

Трэба схіліць галаву.

Адным словам, у беларускую літаратуру прыйшла цікавая і таленавітая паэтка. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца яе першы паэтычны зборнік “Слёзы на вецер”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя