«Смачна есці» з Алесяй Аўласевіч у Берасці
Кулінарны блогер і старшыня Таварыства беларускай мовы ў Гомелі Алеся Аўласевіч наведала Берасце. Пад час заняткаў мясцовай «Мова Нанова», яна пазнаёміла наведвальнікаў з беларускімі словамі, так ці інакш звязанымі са «стравамі», а таксама пра тое як прыйшла да беларускай мовы праз свой кулінарны блог „Smačna Jeści”:
— Гэта быў мой першы крок, я перакладала са слоўнікамі, але з часам я навучылася, мяне выпраўлялі. Я сама шукала лексіку, пачала пісаць дыплом па-беларуску, па беларускай страўні. І дзякуючы практыцы я прыйшла да беларускамоўнасці і да таго ўзроўню мовы, якім я сёння валодаю. Таксама гэта дапамагае мне выкладаць дзецям беларускую мову.
Пасля заняткаў, студэнты «Мова Нанова» частаваліся стравамі прыгатаванымі ўласнаруч. Апроч блогу па-беларуску, Алеся Аўласевіч вядзе беларускамоўныя заняткі з дзецьмі ў сваім родным Гомелі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: Максім Хлябец