Сольскай школе прысвоілі імя паэта Мар’яна Дуксы



Сольскай сярэдняй школе Смаргонскага раёна прысвоена імя беларускага паэта Мар’яна Дуксы (1943-2019).

Мар’ян Дукса з сям’ёй усё жыццё пражыў у Солах. Каля 20 гадоў ён адпрацаваў у школе настаўнікам. Стаў ганаровым грамадзянінам Смаргоні.

Нарадзіўся пісьменнік у 1943 годзе ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Менскай вобласці. Рана страціў бацьку. У 1958—1960 гадах займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі. Закончыўшы яго, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1969 года працаваў настаўнікам у вясковай школе.

На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступаў з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989), «Горн прымірэння» (1993). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980), «Світаюць сосны» (1987) і іншых.

Беларускае Радыё Рацыя