Сорак першая кніга „Запісаў”



Выйшаў з друку ладны 41-ы том штогадовіка Беларускага Інстытута навукі й мастацтва “Запісы” пад рэдакцыяй кандыдата гістарычных навук, даследчыцы беларускай эміграцыі Наталлі Гардзіенкі.

 

На 818 старонках чытачы прачытаюць шмат новага і цікавага з жыцця і творчасці тых, хто ў свой час і не па сваёй віне апынуліся далёка ад Бацькаўшчыны. 41-ы том прысвечаны беларусам у Канадзе. Самыя разнастайныя матэрыялы адразу захопяць чытачоў навізной і адкрыццём. Пачынаючы ад гісторыі згуртавання беларусаў Канады да папер Кастуся Акулы ў архівах і да ліставання Міколы Сільвановіча з Алесем Грыцуком, ад пісем Вольгі Грыцук да беларускага асадніцтва на паўночных тэрыторыях Канады, ад лістоў Юркі Віцьбіча, архіяпіскапа Васіля (Тамашчыка) да выклятага паэта Пётры Сыча, ад твораў часопіса “Шарсьцень” да беларускага эміграцыйнага друку і шмат-шмат іншых.

Свежыя “Запісы” публікуюць новыя матэрыялы пра жыццё і дзейнасць былога прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка, лісты паэткі Наталлі Арсенневай да Вінцэнта і Раісы Жук-Грышкевічаў, пра малавядомыя старонкі прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага і г.д.

Над чарговым гадавіком прафесійна і грунтоўна папрацавалі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Гэты ім шчыры дзякуй за шматгадовую працу па даследаванню беларускай эміграцыі. Дарэчы, “Запісы”пачалі выдавацца яшчэ ў 1952 годзе . Першыя 6 тамоў пабачылі свет у 1952-1954 гадах у Нью-Ёрку, пяць наступных – у 1962-1970 гадах выйшлі ў Мюнхене. Потым яны друкаваліся зноў у Нью-Ёрку (ад 12 да 24 тамоў). З 2002 года гістарычныя “Запісы” з’яўляюцца сумесным нью-ёркскім і менскім праектам і друкуюцца ў Беларусі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя