“Спадар Свабода” прызямліўся ў Гародні
“Спадар Свабода” – такую назву мае кніга пра рэдактара газеты “Свабода” Ігара Герменчука, якую прадставіў у Гародні яе аўтар Сяргей Астраўцоў.
Аўтар распавёў гарадзенцам пра адметнасць гэтага выдання:
– Гэтая кніга – сучасны біяграфічны раман. Што гэта такое я сам даведаўся ў працэсе працы. Днямі адзін чытач пачаў чытаць кнігу і мне тэлефануе і з такой прэтэнзіяй, троху з гумарам, кажа: што гэта такое – ці гэта твае ўспаміны, ці гэта аповед пра сябра, там і газета прысутнічае, там нейкі дэтэктыўны сюжэт. Кажу: ведаеце, у гэтым і заключаецца сучасны біяграфічны раман.
Сяргей Астраўцоў упэўнены, што яго сябра і рэдактар Ігар Герменчук быў бы рады назіраць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі.
– Сёння мы бачым, што Беларусь змянілася. Ніхто не чакаў гэтага. Але так сталася, што сёння свабода слова не так важна. Сёння аднавілася змаганне за свабодную Беларусь. Мы гэта бачым. Напэўна гэтыя людзі, якія выходзяць на пратэсты, ніхто напэўна таксама не чакаў, што так можа здарыцца, не кажучы пра гэтую ўладу. Сёння голас Свабоды вельмі важны для Беларусі. Па сутнасці ён выйшаў на першы план. Гэта свабоду палітвязням, свабодныя выбары і ўвогуле свабода для чалавека, які мог бы свабодна хадзіць па вуліцах.
Кніга выйшла дзякуючы Радыё Свабодзе, і таму яе магчыма замовіць бескаштоўна праз сайт гэтага радыё ці, напісаўшы ў прыват праз сацыяльныя сеткі, Сяргею Астраўцову.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча